ЖАНРЫ

Паэзія розных гадоў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Памяць

На чашніцкай зямлі бярозы і дубкі, На чашніцкай зямлі - французскія штыкі. Іржавых ядзер круглыя галовы Ў разор выкідвае нарог суровы. Тут сталі у дванаццатым сцяной, Каб не прайшоў на поўнач Удзіно, Салдат штыком і партызан сякерай Тут затрымалі яраснага звера. І спачываюць ад жыццёвых бур. Тут быў уратаваны Пецярбург. Палацы неўскія не запалалі, Таму што тут крыві не шкадавалі. Самаахвярна людзі збераглі На гэтым полі - Марсавы палі, Пахмурных сфінксаў, што ў тумане млеюць, Юнацтва Пушкіна у ліпавых алеях, Канаўкі Зімняй сонны супакой, Палёт Пятра над гордаю ракой. 

Вулiца Касманаўтаў

У горадзе без тралейбусаў, над імклівай няўмоўчнай ракой, На вуліцы Касманаўтаў - хата маці маёй, На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі, На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі... Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін - Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін. А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатых Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх. Хто там смяецца з'едліва? Лепей няхай маўчыць! Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы. Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог, Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог... Асенняй імжой безнадзейнай і вясной, калі гоняць кароў, Адзіная з тысяч вуліц, ты - святло маё і любоў. Нідзе ў сусвеце не стрэнеш стрэх і кветак такіх, Тут гусі такія паважныя, бы з Марса вывезлі іх, І нідзе не песціў на свеце ніякі вішнёвы сад Такіх немаўлят крыклівых і такіх пяшчотных дзяўчат. Дзяўчат, што ўсю ноч да світання купальскай добрай парой Спяваюць зорныя песні пра вярбу над ціхай вадой. Спявайце, дзяўчаты, спявайце, каб адпачыць салаўю, Пра сон і вільготныя веі, пра апошнюю страту маю... Нябачны нікому на свеце, стаю і слухаю вас, Каб сэрца не сумавала ў чорны паўночны час... Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары. Вытокі яе - у горадзе, вусце яе - у Дняпры. Направа - дамы і краны, і шызы з комінаў дым, Налева - Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім. Цяпер жа, далёка за поўнач, як згаслі агеньчыкі ўсе, Над ёй беларускае неба ў сваёй адвечнай красе; Зменліва ззяе Капэла, сінее віно ў Каўшах, Шлях Чумацкі віхурыцца пылам, срэбны Батыеў Шлях. Спявайце, дзяўчаты, спявайце - крылаты чакае лёс: З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасцінец нябёс. Дзякуй за адпачынак. Сад зацвіў недарма, Я іду адсюль. Я спяшаюся. Дарозе канца няма. І недзе далёка свеціць, як забыты цёплы маяк, Вуліца Касманаўтаў - пустая калыска мая. 

Мацiцовыя слёзы

Ураджай пагарэў. З працадня - ані шэлега. Вымі бедных кароў, як пустыя збаны... На пясчанай касе ля Збароўскага берага, Быццам рыбы галодныя, дрэмлюць чаўны. За бязглуздасць чыюсьці, грабежную, хвацкую, - Як было не адзін ужо раз, і не два, - І сягоння бакамі адказвае Бацька, Рыбы, дрэвы, нябёсы яго і трава. Цені, белыя цені на водмелях сініх, На плячы даўгазубыя граблі ляжаць. Стогнуць спіны і ціха паўзе над пучынай, Быццам дзіда, цяжкі, трохсажнёвы дзяржак. Граблі шаблямі дно залатое скародзяць І прыносяць "палюддзе" галодным чаўнам: Ясных кропель алмазы, багновак бароды, І бяззубак - па грыўні за кілаграм. У катлах ненажэрных іх вывараць ноччу. Чарапашак ад мяса аддзеліць "кульба". Будуць запінкі для вячэрніх сарочак, А начынне - свінням. Па-братэрску дзяльба. Дзеля гэтага з ранняй да позняй часіны, З салаўінай пары да савінай пары, Як трысцінкі трымцяць дзявочыя спіны, І аленевы вочы глядзяць у віры. І пакуль грабуць яны сонца з парогаў, А з крыніц і глыбіняў вясёлак глыжы, - Зыб ад глісераў белых абліжа ім ногі, Грудзі-шкелцы бінокляў абсліняць чужых. І за сіняй далёкаю павароткай, Там, дзе знікне багатых глісераў зыб, Людзі з граблямі выбух учуюць кароткі, І бязгучныя стогны аглушаных рыб. Быццам жэмчуг, на нашых адхонах суровых Наліваюцца барвай насустрач дню, Як вулканы, зырчаць маціцовыя горы, А між імі, як лава, шалёнства агню. І з адчаем слухаюць ракавін вушы, Як віруюць у пекле катлоў агнявых Душы браццяў, нямыя бяззубкавы душы, Пад мяшалкамі д'яблаў... таксама нямых. І ўвесь час пакуль мяса ад лат аддзіраюць І дымее у ночвах яно, як гара, Качкі шэрагам шэрым стаяць і чакаюць, Як пры Сталіне поліўкі ў лагерах. Высыхаюць крыніцы, і іхнія слёзы Дзень ці два ззяюць маціцай ў сонца агні Перад вечнай разлукай з радзімай бярозавай, Дзе цяпер ні бяроз, ні дубоў, ні крыніц. О зямля мая ў сонцы, зітханнях і зыбу! Дзе дубоў твае цёплыя халады? Абясптушылі, бомбамі ўсю абязрыбілі, А цяпер абяззубяць... А што ж тады?! Разнясі ім каўчэгі з хлуснёй і атрутай, І даруй, тым, танюткім, як струны лазы, Тым, з граблямі, у плаццях сваіх падаткнутых, Што для хлеба ўзялі ў цябе човен слязін. Бо штоночы, як толькі прытомнасць пакіне, Мне адзін, мне адзін толькі трызніцца сон: Даўгазубыя граблі, напятыя спіны, І пад хусткамі белымі - твары з ікон. 

"Тая жонка, якую ведаў..."

Тая жонка, якую ведаў, Да апошняй сардэчнай струны, Так, як ведаюць гімны "Ведаў" Амазонскія дзікуны. Ты, якую меў і кахаў я, Як кахае ў імкненні віроў Заручоную з Балтыкай Гаўю - Заручоны з Понтам Дняпро. Так, як ведае Месяц аблокі, Так, як ведае шчасце Зямля. 

За перавал, сябрам

Ўсе беды - за перавалам: Маразы, буранаў дымы, Жанчыны, што нас кахалі, І якіх не кахалі мы. Нагадвае пра былое Толькі шэрань на схілах Яйлы... Жвір шыпіць пад начным прыбоем, Б'юць аб бераг валы. І сон з табою, з каханай, Быццам сон матыля ў мігдалі... Хлопцы, я знаю, вы зранены! Хлопцы, мы вас не падвялі! Не ўцяклі ў лазу, ў дэзерціры, Не сплылі ў ружовыя сны - Мы тут замкі узводзім для міра, Літасці і вясны. Дзеля вас, у снягах забытых, Дзеля вас, каб скончыўся здзек, Каб добрым, чыстым, нязбітым Стаў на зямлі чалавек. І ўсё ж я, як быццам, зганены, Бо - на смутак мой, боль і жаль - Над любоўю да вас і над нашым каханнем Не над вамі, а толькі над нашым каханнем Так палае ружовы, барвяны мігдаль. 

"За чорнаю ружай iдзi ўсцяж дарог..."

За чорнаю ружай ідзі ўсцяж дарог, Ідзі праз хлусню, цямноцце і дым, - Каб неяк убачыць блакітны стог І месяц зялёны ў тумане над ім... Пад месяцам гэтым, між сініх стагоў З бедным сэрцам маім у руцэ - Цвіце імя чужой, дарагой, Чорная ружа цвіце. Я не верыў, не верыў у змрочнай журбе, Што можна, пазбыўшыся мук, Ўзяць цябе і да вуснаў прыціснуць цябе, Не скрывавіўшы ігламі рук.

Бывай!

Хтось бязвіннай крывёю заліў зару І стагі заінелыя лоз. Мой цягнік пакідае цябе, Беларусь, - Твой сівер і твой мароз. Я шчаслівы, што знікну з гэтых палёў, З гэтых пушчаў і берагоў. Хай яны дранцвеюць, закутыя ў лёд, Калі так ужо любяць яго. О, даволі! Намерзся! Пусці з сябе Ў мора добрае, ў іншы край... Я ні ў чым, ні ў чым не віню цябе. Калі можаш - даруй і бывай. 

"Зацвiтае дрэва Iудзiна..."

Зацвітае дрэва Іудзіна, Горы ў весняй, цёплай журбе... Ну куды ж уцячы мне, людзі, Ад кахання, ад дум, ад сябе?! Не купляў я зямлі гаршчэчніка, І нікога ў жыцці не прадаў, - Што ж ты помсціш мне, чалавечнасць, Што ж ты, лёс, мне нічога не даў? Так, нічога ў жыцці не зроблена, Так, пражыты нікчомны век, Так, і словы і справы дробныя, - Але ж хоча святла чалавек, Гімнаў тых, што няма і не будзе... Рук дзіцячых і словаў яе... Цяжка, людзі. Нясцерпна, людзі. Сонца здрадзіць. Шчасце заб'е. Хутка сорак і хутка восень... Ўжо адна толькі прага пячэ, Каб скаціліся цёплыя росы - Хай на крыж мой з людскіх вачэй. І малю я вышэйшаю верай - Ўздайце мне дабрынёю ці злом Не за тое, што на паперы, А за тое, што ў думках было. Мы бываем невінаватыя, Што звінім, як струны лазы, Што вісяць нашы рукі клятыя, Што маўчыць наш слабы язык. Ўздайце мне. Хай, што будзе - будзе. Нельга больш захлынацца ў крыві Пад праклятым дрэвам Іудзіным Без нянавісці і любві. 

Вершы не дапамаглi

Вецер кнігу на акне чытае; Скучыў і старонкі стаў лічыць. Верш засыпаў бэзам адквітаючым, Што стаіць у сінім гарлачы. Бы сказаў: "Куды ты, братка, лезеш Са сваім каханнем і тугой? Іх не параўнаць з цвіценнем бэзу, З кветкамі вільготнымі яго". І каханая на падваконні, Сціснуўшы сукенку паміж пят, З-пад прасвечанай глядзіць далоні На нясмелы лёт галубянят. 

Май

Парасон і плашч між сабою гамоняць І ідуць тратуарамі ўніз галавой, А пад імі, як хмары, дрэвы зялёныя, Ўспышкі кропляў, маланкі, дамы і балконы... Ўвесь амыты, - як вабяць кветак далоні!
Плашч прыпаў да ружовага парасона, Нібы чмель, што ўпяўся ў ружовы павой.

"Месяц над садам, ад квецені белым..."

Месяц над садам, ад квецені белым. Месяц - вялізны. Сад - анямелы... Белыя прывіды дрэў у тумане, Вочы кахання, голас кахання. Вусны кахання. Што ж ты ўцякаеш, мая адзіная, - Яснае сонца ад месяца сіняга?! Хіліцца ў месяца іскрах галоўка... Звоніць салоўка, смяецца салоўка, Плача салоўка. Кветкі рассоўваю й шэптам гукаю, Ты паддаешся, і ты адступаеш. У цёплым блакіце, ў пяшчотным лёдзе Белыя вішні ў туман адыходзяць, У ноч адыходзяць, У сон адыходзяць, Ціха ў любоў адыходзяць.
Поделиться с друзьями: