Браты! Сплятайце рукі! Нас нарадзілі ў свет Не для выбухаў, не для мукі, Не для слёз дзяўчат і кабет, Не на тое, каб мёртвым упасці, Не на тое, каб згнісці ў зямлі, А на тое, каб песню і шчасце Мы нагбом на зямлі пілі. Каб кахалі, каб вершы пісалі, Каб ірвалі верас і дрок, Каб цудоўныя вежы складалі, Што да сонца імкнуцца праз змрок. Вежы светлыя! Вежы любові! Кожны камень няхай пакладзе. Не павінны змяшацца мовы, Як калісьці, у добрых людзей! Хто сказаў, што патрэбныя слёзы? Хто сказаў, што розны наш лёс, І таму, што насы ў нас розныя, Ты павінен разбіць мне нос? Хай ён нюхае лепей кветкі Ці каханай сваёй валасы. Месца хопіць для ўсіх на палетках, І на ўсіх хопіць весняй красы. Гімн яднання. Магутныя гукі Ап'яняюць нас, як віно. Браты! Сплятайце рукі! Шчасце для ўсіх адно.
Балада пра Вячка, князя людзей простых
Як груганы на трупы з высокае гары Крыжакі наляцелі на вёскі і бары. Няшчасная краіна тры доўгія гады Нагбом хляптала трунак смярцей і злой бяды. Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі, Загінулі героі і здрадзілі князькі. Агонь любові мужнай у брудных душах згас, Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь. Параненым і слабым яны яго ўзялі, Ў кайданы ногі скулі і ў лагер прывялі. Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады, Калі былі далёка айчыны гарады. Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў, Але шляхі да волі замкнулі для яго. І вырас над палонным закуты ў грозны мур Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар'ёнбург. Паўзе з ракі на замак пранізлівы туман, Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск, За брамай маставою, як перадвесце бед, Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт... Па вуліцы смярдзючай, дзе скупчанасць і бруд, Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд. А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны снег, Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег... Ў агні наперад з імі ляцелі бітвы дні, Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны. За подзвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй, За мужнасць і за гонар трымай адказ, трымай! Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука: "Пакіньце спадзяванні - адсюль выводзіць кат". Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух, Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух? І просіць перад стратай ён путы развязаць, Каб рукі на імгненне замлелыя размяць. І ў гэты час апошні перад канцом сваім Каня яму прывесці, каб развітацца з ім: "Са мною разам зносіў ён дождж і халады, Насіў мяне на бітву тры доўгія гады, Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі". . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .І вось каня на плошчу два кнехты прывялі. І Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос І кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс: "Мой конь, мой конь, мой любы. Як будзеш жыць цяпер? Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны звер. Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах, Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага? Якому не пасуе і назва: "чалавек", Ў якога твар, як пятка, не чырванее век. Не роднае, чужое усё нам тут з табой: Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной, Не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі, Не так куюць падковы для конскае нагі. Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп Не проста дол чакае - ганьба, ганебны слуп". І, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён І ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён, І на каня узвіўся, і ў стрэмя горда стаў І зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў. Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой. Адзін супроць дзесяткаў - і ўсё ж не прэнг, а бой! Конь варагоў хапае зубамі і храпіць. Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы. О, лепей дні пакончыць на полі баявым, Ніж век глытаць ў кайданах чужынскіх вогнішч дым! Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой: "Я ў Мар'енбург з'явіўся і ён на час, ды мой. Пакуль тугія лукі на вежах не звіняць, Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць". Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь. І вось аб труп запнуўся яго любімы конь. "О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць І ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць. Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай! Мы болей не пабачым лугі і родны край". Аленя абступілі са зграяй злых сабак. Ірвуць і раздзіраюць, сякуць на дробны мак. І вось з крывёю гордай змяшаўся пыл і гразь. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь. Авой!!!
Камеце 1957 - ??? гадоў
Над ляснымі азёрамі, над ракой, Над глыбокаю тванню гнілых німярэч, Над прыціхлаю ў смутным чаканні зямлёй Павісае трывожны, зялёны меч. Ты з'явілася зноў на зямны прызыў Як у той далёкі, нязнаны век, Калі мамант на гонар твой песню трубіў, Калі толькі з'явіўся на зямлі чалавек. Калі ж прыйдзеш ты зноў праз тысячы год (Невядома пакуль што для нас, калі), Ты, магчыма, пабачыш новы народ На зусім невядомай для нас зямлі. Не тлумач ім такіх непатрэбных слоў Як "дзяржава", "страта", "галодны час", Паглядзі з павагай на іх любоў, Раскажы ім ціхутка, на вуха, пра нас. Раскажы ім, як чорнай навалай ішлі, Як братамі сваімі ўгнойвалі стэп, Галадалі, пакутвалі, кроў лілі І знішчалі патрэбны галодным хлеб, Як палілі жывых людзей у пячах, А казалі пры гэтым: "гуманізм і любоў", Як звычайнаю ручкай, вось так, спляча, Выганялі з заводаў мільёны рабоў. Як кахалі за грошы, атруту пілі, Як начамі снілі хцівыя сны, Як не ўпэўнены нават ў тым былі, Што зямля выйдзе цэлай з трэцяй вайны, Як машынамі горы маглі скрышыць, А крышылі суседзяў, елі бульбу адну, Як маглі з навукай стагоддзе пражыць, А жылі дваццаць год, бо ішлі на вайну. Як знішчалі прарокаў, як без хлеба зімой Геніяльным паэтам дазвалялі канаць, Як выходзілі з сытым свінствам на бой, Як яго пачыналі перамагаць. Ты світанак наш бачыла на зямлі, Ты нас бачыла ў самым гарніле мук... Ім, шчаслівым, ім, чыстым, прывітанне пашлі. Не былі б яны чыстымі, каб не бруд нашых рук. Мы, як птушкі, елі, мы цяглі, як сланы, Мы сапраўдным жыццём за жыццё не жылі, Каб спакойна кветкі збіралі яны, Каб гулі для іх залатыя чмялі. Калі прыйдзеш ты на нябёсы іх, І між зор пракладзеш свой спакойны след, Перадай дзяўчыне ў гадах маіх, Што кахаў яе той забыты паэт. І няхай яна, хоць не знае мяне, Хоць зусім інакшыя песні пяе, Праз трывожнае сяйва тваё зазірне У азёры блакітныя, вочы мае.
Прыганятыя
Не наша воля, не нашы нівы, Дубы не нашы над рэчкай ціхай. Чужыя бору сівыя грывы, Адное наша - сівое ліха, Адное наша - змрочныя хаты, Крывёй мужскою зліты палетак, Адное наша - пазор дзяўчатак, Адное наша - няволя дзетак. Не нашы кнігі, мова, палацы, Затое наша - ўсіх продкаў слава, Затое наша - наш гонар людскі, Вагонь у сэрцы, тапор пад лавай.
Марозныя тропікі
Тропікі марозныя на шыбах. Пальмы, сець ліянаў і трава. Там струной сярэбраныя рыбы Выгінаюцца між сініх хваль. Дзіўны край; там срэбраныя цені, Там жанчыны скачуць на аленях. Там жар-птушак, нібы ў нас сарок. Фары за акном - і ён святлее, Месяц за акном - і ён пяе... Меркне у тваіх дрыготкіх веях, Калі гладжу валасы твае. Ён пагасне ў ночы на ізлёце, Расцвіце ў заранцы і засне, Калі ты з суцішанай пяшчотай Ціха пацалуеш рукі мне.
З зорнага сяйва i пены крывавай, або Паэма аб павароце стырна
Арцюру Рэмбо і ўсім іншым, якія яшчэ не ведалі
Паэма
І
Судна да порта далёкага йшло Па чырвонай пеннай вадзе. Сто капітанаў на ім было, Мільён матросаў на ім было, Два мільярды "іншых" на ім было, - Пасажыраў, звычайных людзей. І хоць сваркі ўспыхвалі часам на ім, І грымеў пісталетаў гул, І чарніў зялёныя ветразі дым, І сыцелі чароды акул, - Кроў пасля ўсё адно змывалі валы, Бак і ют ставалі як шкло, І востраў далёкі ўставаў з імглы, А за ім - зялёны ўставаў з імглы, А за ім- блакітны ўставаў з імглы, І пальмы білі паклон. І ваякі сыходзілі на астравы, Йшлі з жанчынамі ў нетры лясоў, І былі пацалункі ў джунглях травы, Як свежых какосаў сок. А калі ў спустошана-шчасных снах Пачынала хістацца зямля, - Ім хацелася зноў у далёкі шлях, На палубу карабля. Зноў Венеры серпік дрыжэў над вадой, Марс квітнеў, як барвяны мак, І ў святле кахання над іх галавой Весяліўся ўвесь Задыяк. Поўнай мерай на Шалях важылі ім Серабрыстых вясёлых Рыб, Стралец ганарыўся ўмельствам сваім, Перад Дзевай склаўшы дары. Казярог пад совусам марыў пра нож, А ляжаў па-мярцвецку, як Ной. Вадалей вадой разбаўляў віно, Як загадчык раённай піўной. Судна шчасна плыло дарогай марской, Дарогай краін і вякоў Да пуцяводнай зоркі сваёй, Да летуценнай зоркі сваёй, Да адзінай на свеце зоркі сваёй, Імя каторай - любоў.
ІІ
Ў моры плыве карабель-невідзімка, Згас за марамі Альдэбаран... З зорнага сяйва, расы і дымкі Шлях пралягае за акіян. Ванты спяваюць, ванты спяваюць. Бездань марская, як зыбкае шкло. Ў кожнага зорка ёсць залатая, - Толькі ў мяне няма, не было. Што мне без зоркі хвала і слава І запаветная недзе зямля? Пенай крывавай, пенай крывавай Сэрцу здаецца шлях карабля. Ён застывае, як гнеўная лава, Ён узнікае, як вечны падман. З зорнага сяйва, з пены крывавай Шлях пралягае за акіян. Дзе ты, далёкая і белапенная, Ў сонцы народжаная і расе? Клічу і клічу цябе, як сірэну Клікаў прывязаны Адысей. І заўважаюць адчайныя вочы: Як па нацягнутай звонкай струне, З самай мяжы паміж днём і ноччу Нехта па хвалях ідзе да мяне. Цягне з туманаў ломкія рукі, Сонца нясе мне празрыстай рукой, Ўстаўшы як радасць, як песня, як мука, - З зорнага сяйва і пены марской.
Запавет
Трэба дзесь закапаць мае тленныя косці. І хацеў бы ляжаць я над родным Дняпром На зялёным, сасновым, грывастым пагосце, Дзе бусліны клёкат у ліпеньскі гром.
Нараджэнне Венеры
За вокнамі дзень дагарае, Знікае агнёў ракой. І ты з карціны сплываеш У змрочны, ціхі пакой. Чужая, зусім чужая, Ніколі не будзеш маёй. Вочы твае і цела Стварыў калісь Бацічэлі Шмат стагоддзяў таму На муку маю, На муку. На вечную ў сэрцы зіму.
Прыйдзі
Не чакаць парываў свабоднага брыза, Не чакаць святла сярод цёмнай начы. Час рабоў і здрады. Эпоха Чынгіза. Час дрыжачых мужчын і хлуслівых жанчын. І ў баі і ў каханні вароцяць спіны. Што ж рабіць? З году ў год лічыць барышы? Для чаго? Ўся слава, віно і жанчыны Суета сует і тамленне душы. Зарастае травою ў сумлення ганак, І ваююць даносам замест свінца. Пасля славы - наклёп, нуда - пасля п'янак, Пасля здрады кахання - туга да канца... Да канца... Ўспаміны адносяцца роем... Я адзін. Я адзін супраць тысяч стаю, Клічу сэрцам збавіцельны полаг спакою, Што закрые мне крыламі вочы ў баю.
"Мiр гэтаму дому..."
Мір гэтаму дому, Дзе шчасце мы бачылі ўсе... Вецер шматкі саломы Па мокраму снегу нясе, Дожджык імжыцца ціхі (Вясковы вячэрні час), Карова з добрымі ўздыхамі Глядзіць з-за сена на нас; Курка з цёплага поклада Кудахча, бы знесла сусвет... Прытульны, добры і цёплы Наш беларускі свет. Садок да рачулкі збягае, Хатка глядзіцца ў плёс. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Арлы на свет вылятаюць З такіх менавіта гнёзд.
"Вярнуўшыся з далёкага бадзяння..."
Вярнуўшыся з далёкага бадзяння На словы дзён былых, на іх напеў, Я ціха стукнуў пад акном каханай І як адказ пачуў вясельны спеў. Крыніцы сініх пушч асірацелі, На вываратнях сівізна, як снег, Таму, што цішыня пануе смела, Дзе чуўся некалі твой срэбны смех.